Што душа мае, тым і прымае
Запрасіла аднаго разу Ліса Янотаў у госці. Накрыла шыкоўны стол:
курачка смажаная, курачка грыль, курачка з грыбным соусам, качка запечана з яблыкамі, гусачка фаршыраваная. Добра, што Ліс быў спрытны паляўнік на сялянскіх хатніх птушак. А для гасцей, дык удвая пастараўся. Напякла Ліса Хітракееўна пірагоў, нарабіла з лясных ягадаў морсаў. Чаго толькі не было на стале!
Завіталі Яноты ў госці і ахнулі ад такой шчодрасці гаспадароў.
— Колькі ўсяго нагатавала, Хітракееўна! – дзівілася янотава жонка Чысцёха Паласкайлаўна.
— Для дарагіх гасцей старалася! – ўсміхалася Ліса, якая сядзела за сталом у мяккім крэсле з воўчай скуры і абмахвалася дарагім веерам.
Пілі-елі госцікі ажно да самай ночы. Ліса распавядала пра сваё багацце, пра шыкоўнае жыццё. І нарэшце пахвалілася сваімі дарагімі заморскімі футрамі, якія прыпасла на ўсе выпадкі жыцця.
Сабраліся Яноты дамоў ісці.
— Дзякуй вам, гасцінныя гаспадары, за шчодрыя пачастункі! – пакланілася Чысцёха Паласкайлаўна. – Прыходзьце да нас у госці.
А сама думае: “Чым жа я буду частаваць такіх багатых сяброў? Чым жа будзе іх здзівіць?”
У прызначаны дзень Лісы завіталі да Янотаў у госці з дарагімі падарункамі ды сюрпрызамі. Бач, Ліса “з размахам” жыла.
— Праходзьце, калі ласка, госцікі дарагія! – шчыра запрашала Чысцёха Паласкайлаўна гасцей за стол, на якім стаяла рыбка смажаная, рыбка вараная, рыбка з цыбулькай і морквачкай.
— У нас, вядома, сціплыя пачастункі, не такія, як у вас. Але не судзіце: чым багаты, тым і рады. Што душа мае, тым і прымае! – добразычліва ўсміхалася сціплая гаспадыня.
Ганна Скаржынская-Савіцкая