Вожыкі. Гісторыя трэцяя
Клубочкі
Аднаго вечара мама Агнія добрую гадзіна спрабавала пакласці сыночка спаць, але ніяк не магла даць рады.
— Не х-х-хачу!
— А чаго ты хочаш?
— Хачу, хачу, хачу на месяц! Ён не спіць па начах, як тата.
— Добра, — адказвае мама Агнія, — але каб патрапіць на месяц, табе патрэбны, як мінімум, касмічны карабель.
Мама ўзяла коўдру і падаткнула кончыкі пад падушку, так што атрымалася сапраўдная ракета.
— Да палёту гатовы?
— Так, — адрапартаваў малы.
— Заплюшчыце вочы, бо вас чакаюць моцныя касмічныя перагрузкі. Дзесяць, дзевяць, восем, сем…
Калі мама Агнія далічыла да адзінкі, пстрыкнуў выключальнік, і Стэфан убачыў, што з цемры на яго глядзяць зоркі і маладзік, вялікі і жоўты, як палова яблыка. Так ён ляцеў, ляцеў на сваім касмічным караблі, пакуль не прачнуўся. Тата Рыгор ужо вярнуўся з працы, і яны пачалі гуляцца ў клубочкі. Вы не ведаеце, што гэта? Зараз раскажу.
Клубочкі — такая лясная гульня, вясёлая і займальная: звяры навыперадкі скручваюцца ў клубочак, і той, хто зробіць гэта першым — пераможца. Стэфан пакуль не ўмее рабіць гэта так спрытна, як тата з мамай, але сярод аднагодкаў яму няма роўных. Раз на год, пры канцы лета, па клубочках ладзяцца спаборніцтвы, у якіх удзельнічаюць усе: і дзеці, і дарослыя.
Аднаго дня тата Рыгор прыйшоў з працы і сказаў:
— Ну як, вы гатовыя да заўтрашняга?
— А што заўтра? — спыталася мама Агнія.
— Як?! Ты не памятаеш?! Заўтра ж адбудзецца чвэрцьфінал па клубочках!
— Вой! — усплёснула рукамі мама-вожычыха. — А я зусім забылася!
— Нічога. У нас яшчэ цэлы дзень, каб патрэніравацца.
— Тады трэба, як след, падсілкавацца — і на двор!
Паснедаўшы смачным яблычным пірагом, вожыкі пачалі збірацца на пляцоўку.
Але для таго, каб пайсці на трэніроўку, трэба было пераапрануцца. Маленькі Стэфан аніяк не хацеў надзяваць футболку і шорцікі, пачаў капрызіць і схаваўся ў шафу. Мама з татам не ведалі, што рабіць, як раптам тата сказаў:
— А мы нікуды не пойдзем.
— Як гэта? — здзівілася мама Агнія
— А вось так. Мы паедзем. На роварах. Стэфан, паедзеш з намі?
— Канечне ж! — выскачыў са свайго сховішча малы.
— Толькі на ровар нельга садзіцца без спецыяльнай формы. Мы з мамай ужо пераапрануліся. Толькі цябе чакаем, сынок.
Стэфан схапіў футболку з шорцікамі і паспрабаваў нацягнуць іх на сябе, але лапкі не хацелі слухацца: яны ўвесь час намагаліся праслізнуць куды заўгодна, толькі не туды, куды трэба. Тата дапамог яму, яны селі на ровары і ўсёй сям’ёй выправілася на пляцоўку. Там вожыкі пабачылі шмат сяброў і сваякоў. Падрыхтавацца да спаборніцтва прыйшлі дзядзя Марк, Грыбасавы, Яблычкіны, спадарыня Калючая… Нават дзядуля Іголкін і той прыцёгся сябе паказаць.
Маленькі вожык стараўся, як мог, усе бачылі гэта і казалі так:
— Які малайчына Стэфан! Першакласны спартсмен. А якая ў яго футболка! Сапраўдны майстар!
Яму было вельмі прыемна. Аднойчы ён нават скруціўся ў клубок хутчэй, чым тата Рыгор. Пасля трэніроўкі ўсе пайшлі па дамах. Маленькі вожык ляжаў у ложку і ніяк не мог заснуць. Ён уяўляў, як будзе заўтра заўзець за тату з мамай, як будзе спаборнічаць з аднагодкамі, але ўсё заўтра. Пакінем маленькага вожыка ў ягоным пакоі, хай паспіць, а мы паглядзім, што будзе далей.
Алесь Емяльянаў-Шыловіч