Вершы Аксаны Спрынчан
Четверг, 20.06.2019 09:54. Рубрика: Вершы
Беларускае неба
А над Высокім — высокае неба.
А над Глыбокім — глыбокае неба.
Я вышыні й глыбіні не баюся.
Неба такое ва ўсёй Беларусі!
Добра там марам высокім-высокім!
Добра тут думкам глыбокім-глыбокім.
Сёмуха
Кляновае лісце на хаце
Святлом напаўняе і цудам.
“На Сёмуху, — кажа мне маці, —
І ў нас абярэг такі будзе”.
Святло Беларусі-княгіні —
Кляновае лісце на мапе.
Ніколі яна не загіне,
Святкуючы родныя святы.
Тата з мамай — беларусы
Тата з мамай — беларусы,
Імі моцна ганаруся.
Бо яны з прыгожай мовай —
Старажытнаю і новай.
Бо з такой яны культуры,
Што мільён не здушыць фурый.
Бо з такой літаратурай,
Дзе жывуць зубры і туры.
Бо з такой яны дачушкай,
Што не горай за Касцюшку.