Святочны студзень з “Вясёлкай”
Першы месяц зімы быў багатым на падзеі і па-сапраўднаму святочным для нашай рэдакцыі. 10 студзеня ў Тэатры юнага гледача прайшоў творчы вечар Уладзіміра Ліпскага, прымеркаваны да 40-годдзя пісьменніка на пасадзе галоўнага рэдактара часопіса “Вясёлка”. Аўтар амаль 70-ці кніг, грамадскі дзеяч, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, старшыня Беларускага дзіцячага фонду. Уладзімір Сцяпанавіч мае мноства прыхільнікаў і сяброў у Беларусі і за яе межамі. Не дзіва, што зала была поўная гледачоў – маленькіх і дарослых. На сцэне выступіла некалькі дзясяткаў гасцей: вядомых артыстаў, літаратараў, грамадскіх дзеячаў. На літаратурнай імпрэзе “Дзялюся крыламі” аўтар прэзентаваў новыя выданні “Мая Беларусь” і “Цар”. Праграма была разнастайнай: прагучалі паэзія, проза, музыка, гумар, паказаны фільм, праведзены кніжная і фотавыстаўкі. Павіншавалі пісьменніка і любімыя часопісы “Вясёлка”, “Буся” і “Dомік”, юныя таленты з розных беларускіх гарадоў.
11 студзеня адбыўся Чацвёрты міжнародны фестываль-конкурс “Калядная зорка”, у якім узялі ўдзел дзіцячыя творчыя калектывы і сольныя артысты з Мінска, Брэста, Віцебска, Ліды, Слоніма, Мар’інай Горкі, Гарадзеі, Бабруйска… Канкурсанты ва ўзросце ад 4 да 17 гадоў спаборнічалі ў намінацыях “Вакал”, “Хор”, “Танец”, “Інструментальнае выкананне”, “Тэатр і літаратурная творчасць”, “Цыркавое мастацтва”, “Свет моды”, “Харэаграфія”, “Міні-міс Беларусь”, “Міні-містар-Беларусь”, “Фотамадэль”, “Свет мастацкай творчасці і дызайну”. Запаветнымі кубкамі і граматамі ўзнагароджаны пераможцы. Гран-пры атрымаў харэаграфічны калектыў “Мадэрн” Палаца дзяцей і моладзі г. Наваполацка. Мастацкі кіраўнік калектыва — Юлія Русяева. Віншуем!
Вася Вясёлкін,
Фота Дзмітрый Сапсай
Падпісацца на любімы часопіс можна ў аддзяленнях Белпошты і Белсаюздруку да 25-га чысла кожнага месяца. Індэкс індывідуальных падпісчыкаў 74845, ведамасных 748452.