Працяг аповесці-споведзі «Мая Беларусь»
Калі весела, чую Купалу:
Беларусь на куце
Ў хаце сваёй села,
Чарка мёду ў руцэ –
Пазірае смела…
Калі сумна, лячуся Купалам:
Гэй, наперад, покі сэрца
Б’ецца, рвецца на прастор,
Годзе млеці ў паняверцы;
Гэй, да сонца! Гэй, да зор!..
Калі мроіцца маленства,
згадваю калыханку Купалы:
Люлі, люлі, мой маленькі!
Спі і сні вясёлку-гулі,
Як жа вырасцеш вялікім, –
Не забудзься ты матулі…
Калі трачу надзею, малюся з Купалам:
Нам трэба жыць і долю папраўляць,
Каб нас патомкі з часам не клялі…
Калі ведаць хачу, хто я,
Купала падказвае:
Ну, ўжо знаю, знаю, мамка!
Як у люстры бачу,
Пакажу я ўсяму свету,
Хто я, дый што значу…
Калі нехта ці нешта раздражняе,
Купала абнадзейвае:
Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між народамі!..
Мая Беларусь!
Пачуй Купалу сэрцам.
Зразумей, Беларусам хочацца –
людзьмі звацца!
Прымі, Беларусь, Янкаву веру:
“Што ні тварылася б на свеце,
беларуская думка аб
нацыянальнай і сацыяльнай волі
як жыла, жыве,
так і жыць будзе…”
***
Мая Беларусь!
Па назвах тваіх гарадоў
можна вывучаць алфавіт.
У назвах – іх кодавы ген,
знакавыя старонкі лёсу.
Хто не верыць – хай праверыць.
Хто не ведаў – хай ведае:
А. Астравец – атамнай станцыі цэнтр.
Б. Барысаў – тут Напалеон боты згубіў.
В. Віцебск – “Славянскім базарам” слаўны.
Г. Гомель – палацам Паскевічаў увенчаны.
Д. Добруш – добрую паперу і фарфор робяць.
Дз. Дзятлава – радонавымі лекамі ратуе.
Е. Ельск – край дзіўных песень салаўя.
Ж. Жлобін – горад металургаў.
З. Заслаўе – малітоўня князёўны Рагнеды.
І. Івянец – уславілі край майстры керамікі.
К. Калінкавічы – свята гумару ладзяць.
Л. Ліда – і дома, і ў свеце вядома.
М. Мазыр – з Прыпяццю павянчаны.
Н. Навагрудак – першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага.
О. Орша – льноткачамі свет скарыла.
П. Петрыкаў – радзіма дзеда Талаша.
Р. Рэчыца – сталіца нафтавікоў.
С. Салігорск – горад шахцёраў.
Т. Тураў – Кірылам Тураўскім увекавечаны.
У. Узда – калыска пісьменнікаў-класікаў.
Ф. Фаніпаль – горад-спадарожнік сталіцы.
Х. Хойнікі – угістораны “Людзьмі на балоце”.
Ц. Целяханы – помнік Агінскаму каналу.
Ч. Чачэрск – тут праездам быў сам Пушкін.
Ш. Шклоў – радзіма Прэзідэнта Беларусі.
Ю. Юравічы – адкрыты паселішчы сівой даўніны.
Я. Янавічы – спаленыя ў вайну
і адноўленыя мірам…
Кожнае наша паселішча –
старонка гісторыі Беларусі.
Давайма ж вывучаць біяграфію
нашага краю
і любіць, як любіла яго
Цётка (Алаіза Пашкевіч):
Думаць ўсюды аб народзе,
Родны край усюды сніць,
То рассыпацца расою.
Па галінках, па лісткох.
То абняцца так з зямлёю,
Каб ніхто разняць не мог!
Уладзімір ЛІПСКІ