Маша і Кеша
Маша з дзедам – у парку. Маша боцікамі па асфальце – туп-туп. І дзед побач тупае.
Ідуць, размаўляюць. Дзед паказвае Машы лісцікі таполі, клёна, бярозы. Слухаюць птушак. Загледзеліся на пушыстую вавёрку.
Раптам Маша просіць:
– Дзядуля, паднясі, мае ножкі стаміліся.
– І мае ногі баляць, – жаліцца дзед.
Якраз па сцяжынцы прагульвалі коніка-поніка. У яго – чатыры нагі. На спіне – сядло. Хвост доўгі, ледзь асфальт не падмятае.
– Гэй, конь-понь, падвязі Машу! – просіць дзед.
Дзядзька, які вёў коніка, прыпыніўся. Стаў і понік, пазірае на Машу.
– Сядай, дзяўчынка, на Кешу, – запрасіў дзядзька.
Пасадзіў дзед унучку на Кешу. Ухапілася Маша ручкамі за яго доўгую грыву, усміхаецца.
Едзе Маша на Кешы. За імі бягуць дзеці, якія гулялі ў парку. Птушкі спяваюць ім вясёлыя песні. Нават вавёрка саскочыла з дрэва, каб паглядзець на дзіва.
Вось дык Маша! Асядлала жывога коніка.
Падвёз Кеша Машу да мосціка цераз рэчку. Там і развіталіся. Маша пачаставала коніка-поніка цукеркай. А Кеша падзякаваў ёй на ўвесь парк. Вось так:
— І-і-го-го-го!..
Уладзімір ЛІПСКІ











