Смяшынкi ад Васiля Вiткi
Пятница, 22.04.2011 09:49. Рубрика: Вершы, Хвілінкі-весялінкі
На сонца вяслую
На чоўне сабраўся ў бязмежную даль,
У шлях невядомы, бясконцы.
Хай бераг далёка, а я паміж хваль
На сонца вяслую, на сонца!
З запісаў у дзённіку
– Хаваймасо! – закрычалі суседавы ўнукі, якія гулялі на вясковай вуліцы, і кінуліся ў сенцы. – Пісар ідзе!
Большы выткнуў галаву з дзвярэй і, убачыўшы мяне, сказаў:
– Гэта пісацель.
– Усё адно хаваймасо! – пачулася з сянец.
Ліст ад рэдакцыі
Рэдакцыя ў лісце да свайго карэспандэнта напісала: “Паважаны…”
Праз некалькі дзён прыйшоў пратэст: “Які я вам паважаны? Я – вучань першага класа!”