Дзеці малююць…
Среда, 20.06.2018 16:45. Рубрика: Вершы
Неўтаймаваны фантазёр –
Амаль у кожным доме.
Там – сонца ў чырвані азёр
Плыве на ціхім соме.
А тут – ліловыя зубры.
Прыемны ў іх занятак:
На вадапой вядзе стары
Маленькіх зубранятак…
І фарба кожная пяе
Ў мастацтве найдзівосным.
Малюйце, мілыя мае,
На зайздрасць нам, дарослым!
1975 г.
Эдзі АГНЯЦВЕТ
Эдзі АГНЯЦВЕТ (11 кастрычніка 1913 – 17 ліпеня 2000) – беларуская паэтэса, перакладчыца, класік дзіцячай літаратуры.
У маладосці ёй прысвячаў вершы Валеры Маракоў. Блізка сябравала з Якубам Коласам. Натхнялася яго ўменню ў яркай, вонкава простай, лаканічнай форме, складаць дзівосныя гісторыі для маленькіх чытачоў.
Сярод напісанага для дзяцей асабліва вылучаюцца кнігі “Васількі” (1947), “Незвычайныя канікулы” (1962), “Мы сур’ёзныя, мы вясёлыя” (1976).