Незвычайнае супадзенне
Віця сумна глядзеў у акно. Там гуляла Аленка з сяброўкамі. Якая яна прыгожая, вясёлая! А ён не такі, ніяк пераадолець сябе не можа – падысці да яе, нешта сказаць смешнае. А можа, гэта будзе не смешна, і яна падумае, што ён нудны.
Віця пайшоў да камп’ютара. А там сядзела Муся, яго котка. І чаму яна ўвесь час тут?
Віця не ведаў, што Муся таксама любіць камп’ютар і нават мае свой інтарэс.
– Сыдзі, Муся, – сказаў хлопчык, – мне трэба для Аленкі пашукаць сюрпрыз.
Але ён нічога не знайшоў і зноў падаўся да акна. Ён нават не заўважыў, што Муся нешта націскае на клавіятуры. Гэта яна пісала паведамленне для малой коткі Аліскі, каб тая таксама далучылася да іх таямнічай кацінай інтэрнэт-сеткі “Катавічок”. Муся стварыла яе разам з катом Тодарам і ўсіх котак дома падпісала. Засталася толькі Аліска. А вось і яна падпісана. Прыйшло паведамленне: “У мяне дзень народзінаў. Запрашаю. А”.
“Чаму “А”? – падумала Муся. Яна была вельмі акуратная і не зразумела, як можна да канца не дапісаць паведамленне.
Муся прайшла на лоджыю, зірнула ўніз і пачула голас Аленкі, якая вярнулася з двара: “Аліска, малачко гатова! Ідзі есці, абжорка наша!”. “Дык вось чаму! Кінула ўсё і за малаком пабегла. Безадказная! Трэба ёй напісаць пра гэта, навучыць малую!” – падумала Муся і хацела вярнуцца да камп’ютара. Але там ужо сядзеў Віця, і твар яго быў радасны, шчаслівы. Ён кінуўся да Мусі:
– Яна напісала, першая напісала, запрасіла на дзень народзінаў! Ура! Але што падарыць? Цукеркі? Банальна. Кнігу? Кнігарня далёка…
Вырашыў спытаць у сястрычкі Наташкі.
– Які б ты хацела падарунак на дзень народзінаў?
– Веласіпед! Мне мама абяцала, такі, як у цябе, каб не толькі ты катаўся.
– Гэта зразумела. А што яшчэ?
– Дык ты не мне хочаш падарыць! А каму? Аленцы? У яе сёння дзень народзінаў.
– Адкуль ты ўсё ведаеш! – зазлаваў Віця.
– Ведаю-ведаю. У яе дні нараджэння незвычайныя. Год назад на Аленчын дзень народзінаў іх кошка нарадзіла кацянятка. Назвалі Аліска. Дык цяпер, відаць, і яна, і котка адзначаюць! – засмяялася Наташка.
Муся кінулася да камп’ютара. Сапраўды: Аліска з гаспадыняй нарадзіліся ў адзін дзень. Трэба ж, каб так супала. А Віця падумаў, што гэта Аленка напісала. Муся ўздыхнула: “Што ж цяпер рабіць?”
– Віця! – пачуўся голас Наташкі з другога пакоя. – Самы лепшы падарунак, зроблены сваімі рукамі!
І Віця зразумеў: ён жа ўмее майстраваць цудоўныя караблікі! Але тут трэба незвычайны – святочны.
Выпрасіў у Наташкі ружовай тканіны і зрабіў прыгожы ветразь. Выйшаў на лоджыю. Кватэра Аленкі была пад імі. Выглянуў – іх позіркі сустрэліся.
– Віця, даўно цябе не бачыла, прыходзь хутчэй на торцік.
– А ў мяне падарунак ёсць! – усклікнуў Віця і паказаў караблік з ружовым ветразем. – Сам зрабіў!
– Які прыгожы! Ты малайчына! – пахваліла Аленка, і Віця сам запунсавеў, як той ветразь.
Калі за Віцем зачыніліся дзверы, Муся кінулася да камп’ютара. Хацела прачытаць натацыю малой неакуратнай котцы Алісцы. А потым падумала: “Дык а за што цяпер?” Аказвецца, іх кацінае інтэрнет-сеціва дапамагло Віцю і Аленцы. І ўсё ж яна неаадабральна пакруціла галавой і вырашыла напісаць кату Тодару пра гэтае незвычайнае супадзенне.
Маргарыта ПРОХАР