“Прашу прабачэння…”
У першым класе завёўся злодзей. Паверыць у такое класны кіраўнік Галіна Дзянісаўна доўга не магла. Але ўжо не першы дзень дзеці скардзяцца, што ў кагосьці зніклі грошы, якія ім дома далі бацькі. У Рамана ўкралі набор алоўкаў. Двойчы скардзіўся Лёша. У яго зніклі пенал і грошы.
Галіна Дзянісаўна штодня прыглядалася да дзетак. Думала, што здолее разгледзець сярод іх злодзея. І нічога, што магло б насцярожыць, не знаходзіла. Папрасіла дапамогі ў Іны Сяргееўны, капітана міліцыі, мамы Лёшы Пашкевіча, які вучыўся ў гэтым класе. Ды і сама Ірына Сяргееўна некалі вучылася ў гэтай школе.
Пра тое, што заўтра давядзецца прыйсці ў школу, Іна Сяргееўна не расказала нават сыну. Таму і Лёша, і яго таварышы былі вельмі здзіўлены, калі ў клас зайшла сімпатычная капітан міліцыі.
Іна Сяргееўна знайшла вачыма сына. Супакоіла яго позіркам. Маўляў, не хвалюйся. Я тут – па справе. І адразу пачала размову.
– Дзеці, Галіна Дзянісаўна расказала мне пра тое, што ў вашым класе бяда. Вельмі дрэнна, што сярод вас завёўся злодзей. За такія свае ўчынкі ён будзе пакараны. Заўтра мы прывядзём у клас спецыяльна навучанага сабаку, які яго абавязкова адшукае. Давядзецца паклікаць у школу бацькоў…
Іна Сяргееўна пастарался вывучыць твар кожнага з вучняў. Сапраўды, хто ж з іх адважыўся на крадзёж? Што падштурхнула яго да такога ўчынку?..
– Але ёсць і такое выйсце, – прадоўжыла капітан міліцыі. – І яно шмат лепшае. Таму, хто вінаваты, трэба падысці да Галіны Дзянісаўны і папрасіць прабачэння. Але зрабіць гэта трэба сёння.
Урокі закончыліся. Дзеці пакінулі клас.
А вечарам настаўніца патэлефанавала Іне Сяргееўне і расказала, што па дарозе са школы яе чакаў адзін з хлопчыкаў і папрасіў прабачэння. З вачэй у яго цяклі слёзы. Хлопчык паабяцаў, што болей так рабіць не будзе.
– Іна Сяргееўна, яго завуць…
– Не трэба, Галіна Дзянісаўна, не кажыце. Галоўнае, што хлопчык прызнаўся і папрасіў прабачэння. Галоўнае – чалавек прызнаўся. І няхай гэта застанецца адзінай памылкай у яго жыцці…
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ