Слімак
– Пакажы, слімак, мне рожкі,
Дам табе я сыру трошкі.
У адказ слімак сурова:
– Еш сама і будзь здарова!
– Пакажы мне, даражэнькі,
Дам табе я маку жменьку.
А слімак крычыць ёй з хаты:
– Вось дурная! Вось дык жарты!
Высунь рожкі, мой каханы,
Дам табе глыток смятаны.
Тут счарнеў бядак ад злосці:
– Змоўкні, бо скрышу ўсе косці!
Але жонка, гэта – жонка,
З ёй не скончыш так гамонку.
Мучыць зноў: – Ну, высунь рожкі,
Гальштук дам табе ў гарошкі.
І слімак, не змогшы болей,
Кажа: – Досыць гэткай долі!
Хопіць век з табой слімачыць,
Буду далей жыць іначай.
Не сказаўшы больш нічога
Стаў збірацца у дарогу.
Ды з халупіны слімачай
Выйсці – гэта штосьці значыць!
Вось паўзе слімак па парку,
А свой дом нясе на карку.
А з дамка свайго, з аконца
Жонка цвеліцца бясконца:
– Высунь рожкі, высунь рожкі,
Падару табе панчошкі.
Глянуў ён, аж тупнуў тою,
Тою, што не меў, нагою.
Дом замкнуў свой ад кабеты
І злуецца там дагэтуль.
Ян Бжэхва
З польскай мовы пераклаў Куба Паўтаржыцкі