Эквадорскія сны
Урывак з казачнага серыялу пра Шубуршуна
Адважны капітан Шубуршун падарожнічаў па Ціхім акіяне. Хвалі закалыхалі. Праз надыходзячы сон падумаў, што яго будучыя
прыгоды яшчэ доўга не дазволяць вярнуцца на радзіму. Новы год давядзецца сустракаць у адкрытым акіяне… Сон браў у свае абдымкі ўсё мацней…
– Гэй, капітан, ты нейкі дзіўны. Маленечкі настолькі, што цябе і не разгледзець. Як ты толькі з караблём спраўляешся?! – над Шубуршуном схіліўся велізарны кажан. Ён з лёгкасцю падняў сваімі крыламі карабель.
– Баішся? – Кажан прачытаў думкі капітана. – Адгадаеш загадку, адпушчу. Паглядзі ўважліва, да берага якой краіны прыбіўся твой карабель…
– Гэта Эквадор . А яго сталіца – Кіта, – сказаў, як адрэзаў, Шубуршун, пачуўшы падказку чытачоў “Вясёлкі”.
– Дзіўлюся тваім здольнасцям! А ці ведаеш, які зараз месяц на календары?
– Снежань. Хутка прыйдзе Новы год… Як мне хочацца хутчэй сустрэць Новы год!.. – уздыхнуў Шубуршун.
– Табе пашчасціла, вандроўнік. Гэтая краіна запрашае цябе ў свой незвычайны Новы год!
– А чым ён такі адметны?
– Глядзі! –
Кажан узмахнуў крылом, і з’явіўся надпіс:
! Тут замест ёлкі ставяць каля дома саламянае пудзіла. Успамінаюць усе мінулагоднія непрыемнасці, якія пудзіла забірае з сабой. Затым яго спальваюць.
! У гэтай краіне любое навагодняе жаданне можа здзейсніцца, калі ты паспееш зрабіць неабходны магічны рытуал, падчас таго, як гадзіннік б’е дванаццаць. Напрыклад:
а) Хочаш падарожнічаць? Паспей за дванаццаць секунд аббегчы свой дом.
б) Жадаеш разбагацець? Надзень за гэткі ж час ярка-жоўтую кашулю, зашпіліўшы на ўсе гузікі.
в) Марыш усім падабацца? Намалюй за тыя ж секунды дванаццаць ярка-чырвоных сэрцаў.
– Якія цікавыя традыцыі! – усклікнуў Шубуршун, – трэба абавязкова што-небудзь пажадаць і пастарацца, каб гэтае жаданне здзейснілася!
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ