Мая Беларусь (працяг)
Аповесць-споведзь
***
У Беларусі – звыш трыццаці тысяч рэк.
Іх блакітныя дарогі
доўжацца на сотню тысяч кіламетраў.
У кожнай ракі і рэчачкі –
свае выток і вусце.
Свае прытокі і плёсы.
А ўсе разам яны –
наша гаючая калыханка,
летапіс баек, легендаў, казак.
Нават у іх назвах –
свая напеўнасць і чараўство.
На Пцічы, здаецца, пявучыя птушкі
вывучаюць патрэбныя ноты.
Каля Бярэзіны бярозы-красуні
прыхарошваюць зялёныя косы.
Вілія гучыць жалейкай
над усім Нарачанскім краем.
Свіслач насвіствае нашай сталіцы
стагоддзі новай эры.
Цікава, якія тайны хаваюць ад нас
Сведзь і Проня,
Убараць і Ведрыч,
Сабалёўка і Сакалянка,
Ольса і Рось,
Нятупа і Нямыльня,
Чарняўка і Цітаўка,
Свінка і Чарамха?..
Раку Арэсу ўславіў Янка Купала.
Нёман увекавечыў Якуб Колас.
Хто і калі праплыве па ўсіх
рэках і рэчачках
ды прачытае іх мудрую,
векапомную кнігу жыцця
на адвечнай беларускай зямлі?
***
Слуцкія паясы – музейныя рэліквіі.
І большасць іх, на жаль, у замежжы –
у Варшаве, Кракаве, Познані, Гданьску,
у Кіеве, Львове, Маскве, Санкт-Пецярбургу,
у Вільнюсе, Каўнасе, Швецыі, Англіі…
Вырабы нашых умельцаў
былі ў побыце панства
больш чым два з паловай стагоддзі.
Яны ўпрыгожвалі ўборы
магнатаў Радзівілаў,
заснавальнікаў ткацтва ў Слуцку.
Паясы выраблялі на розны манер:
з узорамі беларускіх арнаментаў,
колераў спелых ніў,
зялёных сенажацяў, дубраў,
з водарам чабора, мяты, рамонкаў,
з блакітнымі, як у беларусаў,
вачыма вясёлых валошак,
з кветкавымі букетамі, галінкамі,
лісцікамі, бутонамі
астры, званочкаў, сон-травы…
Паясы ткалі беларускія майстрыцы
з ніцяў залатых, срэбных, шаўковых.
Іх настрой “падслухаў” Максім Багдановіч:
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла вясна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі…
Слуцкія паясы сталі помнікам
нашай культуры, народнага мастацтва.
Імі можна захапляцца, цешыцца.
Але чаму б зноў не наладзіць іх вытворчасць?
Ці горшыя галовы і рукі
ў нашых сучаснікаў?
І аб’явіла маладая Беларусь
Дзяржаўную праграму Урада
па адраджэнню даўнейшай тэхналогіі
вырабу беларускіх паясоў.
У Слуцку, дзе ўсё робіцца па-людску,
пабудавана новая ткацкая фабрыка.
Упрыгожвайся, Люд, паясамі
на свой густ і нораў!
***
Мая Беларусь у арэоле
адзінаццаці тысяч азёр.
Валошкавымі вачыма пазіраюць
яны ў бясконцы космас.
Свежасць, гаючасць дораць людзям.
Маняць на рыбалку, адпачынак,
а плаўцоў – на пошук уцехі.
У назвах азёр – наша гісторыя.
От бы прачытаць яе ад А да Я.
Відаць, казачныя легенды
пачулі б мы ад азёр
Кань, Світа, Швакшты,
Мястра, Пліса, Дрывяты,
Лосвіда, Вечалле, Трошча…
Здаецца, простыя і ясныя
назвы ў азёр
Доўгае, Крывое, Белае,
Чорнае, Малочнае, Малое.
Воўчын, Бабына, Сосна…
Але ж не спяшайцеся
святкаваць перамогу,
дакапайцеся да ісціны,
як гэта зрабіў вядомы паэт
Анатоль Клышка
ў адносінах да Нарачы.
Аказваецца, назва цар-возера
паходзіць ад слова,
якое ў далёкай старажытнасці
азначала – вада.
Дык вунь з якой далечы
зыбаюцца, лашчацца, бушуюць,
плешчуцца, закалыхваюць нас
хвалі чароўнай Нарачы.
У Беларусі ёсць нават сваё мора.
Яго выкапала лапатамі
моладзь нашай сталіцы.
Перад самай вайной.
І назвалі новы вадаём
Мінскім морам.
Ведай свой край, мой дружа.
Уладзімір ЛІПСКІ