Жлобін старажытны і вечна малады
Ідуць, ідуць няўмольныя гады,
Насуперак ім – Жлобін малады.
Мой сціплы, добры горад над Дняпром,
Цябе люблю я, бо тут родны дом!
Марыя Смірнова
Лодка надзеі
На гербе Жлобіна – вялікая парусная лодка. Даўней яна называлася ладдзя. Прыгожая, элегантная, з надзьмутымі ветразямі, яна падобна на грацыёзнага белага лебедзя з доўгай, выгнутай шыяй.
Карабель плыве па ціхіх хвалях, а наўкол – блакітныя прасторы, як неба і рачная вада. Бела-чорная ладдзя – сімвал вечнага падарожжа па жыцці з мінулага ў будучае.
Жлобін, старажытны і малады горад, стаіць на высокім беразе Дняпра. Гэта рака была найважнейшым гістарычным гандлёвым шляхам. Дык вось чаму ў райцэнтра Жлобіншчыны такі герб. Хочацца пажадаць, каб рух уперад быў вечным, як вечнае цячэнне дняпроўскіх хваль у мора.
Тайна вёсак
Вы задумваліся калі-небудзь, чаму ваша вёска носіць тую ці іншую назву?
Дык ведайце, нашы далёкія-далёкія родзічы жылі тут і моцна звязалі свой лёс з лясіста-балоцістым краем. Здаецца, зусім проста разгадаць, чаму вёскі Жлобінскага раёна здаўна называюцца Вялікі Лес, Дубовая Града, Дуброва, Асінаўка, Зялёная Даліна, Залессе, Падлессе, Забалоцце, Заброддзе, Замосце.
А вось каб зразумець назву вёскі Ляды, трэба ведаць, што ляда – гэта месца, ачышчанае ад лесу ці кустоў для пасеваў. Адваёўвалі людзі ў прыроды ўчастак зямлі і засявалі, збіралі з яго ўраджаі. А побач будавалі хаты, заводзілі ў іх сем’і. Вось і атрымалася паселішча Ляды. Ёсць назвы вёсак больш простыя – Селішча, Сяліба, Сельнае.
Вёска Баршчоўка займела сваё найменне хутчэй за ўсё ад таго, што першыя пасяленцы вельмі любілі варыць і есці баршчы – страву з гародніны. Здаецца, зразумелае паходжанне назваў вёсак Калінаўка, Малінаўка, Кабанаўка, Змяёўка.
А вось ад чыіх імёнаў пайшлі назвы вёсак Аляксандраўка, Антонаўка, Васілевічы, Дзяніскавічы, Казіміраўка, Марусенька? Хто былі гэтыя людзі – Аляксандр, Антон, Васіль, Дзяніс, Казімір, Маруся? Кім працавалі, якія мелі сем’і? Хто прадаўжае іх род? Чым уславілі яны свае імёны, якія закладзены ў назвы сучасных вёсак?
Цукеркі каля помніка
Непадалёк ад вёскі Чырвоны Бераг устаноўлены мемарыял, прысвечаны памяці Дзяцей вайны. Ужо амаль семдзясят гадоў прайшло з дня, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Дзеці, на долю якіх выпала тое ліхалецце, даўно сталі дзядамі, прадзедамі. А многія Дзеці вайны так і засталіся навечна дзецьмі. Яны загінулі.
У Чырвоным Беразе фашысты стварылі дзіцячы лагер. Звозілі сюды вязняў з усіх навакольных раёнаў. Адарваныя ад мацярок, дзеці жылі ў бараках, спалі на драўляных нарах. Іх рыхтавалі стаць донарамі, забіралі кроў для параненых нямецкіх салдат. Захаваліся ўспаміны некаторых дзяцей Чырвонабярэжскага лагера.
Саша Вастракоў: “Мы жылі за калючым дротам. У пакоі – шаснаццаць чалавек. Хлеба давалі па сто грамаў у дзень…”
Вера Гаўрыліна: “Мы сталі маленькімі старымі. У нас была адзіная “гульня” – хавацца ад назіральнікаў”.
Надзя Адамава: “Мне накалолі на руцэ нумар. Павялі ў лазню, я закрычала: “Вой, змыюцца лічбы, і мне зноў зробяць балюча!” Не змыліся, засталіся на ўсё жыццё”.
Паша Чартова: “Дзяцей з канцлагера вазілі ў шпіталь. Там мылі, пераапраналі, узмоцнена кармілі, а потым бралі кроў. Зноў адпраўлялі на салому ў лагер…”
Надзя Адамава: “Калі нас вызвалілі, нейкі аброслы дзядзька падняў маё схудалае цельца, прыціснуў да гімнасцёркі, плакаў і нешта гаварыў па-беларуску…”
Будзеце на Жлобіншчыне, абавязкова наведайце мемарыял, прысвечаны дзецям – ахвярам вайны. Яго стварыў слынны архітэктар Беларусі Леанід Левін. Па яблыневым садзе разыходзяцца промні-алеі. Адзін з іх чорны – “Промень Памяці”. Калі пройдзеце па ім, трапіце ў “мёртвы клас”. Стаяць белыя парты, школьная дошка. Маўклівая цішыня прымушае думаць пра тое ліхалецце, калі гінулі бязвінныя дзеці.
А вось бронзавая скульптура адзінокай дзяўчынкі. Яна, босая і худая, ускінула над галавой рукі, як бы хоча абараніць ад бяды сваіх аднагодкаў. Як бы просіць-моліць берагчы ўсіх дзяцей, хто нарадзіўся і хто народзіцца.
Каля ног бронзавай дзяўчынкі заўсёды ляжаць кветкі і цукеркі. Я быў сведкам, калі адна чытачка “Вясёлкі” падарыла бронзавай дзяўчынцы сваю любімую ляльку.
БМЗ
У старым горадзе Жлобіне самым модным стала слова “БМЗ”: “Дзе працуеш?” – “На БМЗ”; “Куды аўтобус едзе?” – “На БМЗ”. Што такое БМЗ? Ды гэта ж Беларускі металургічны завод. Ён пабудаваны з дапамогай аўстрыйскіх і італьянскіх рабочых на ўскраіне горада. Самае сучаснае прадпрыемства Жлобіна. Тут пераплаўляюць у сталь металалом.
Ва ўсёй Беларусі пачулі школьнікі заклік жлобінскіх вучняў: “Збяром метал для сваёй плаўкі!”
Калі нашы дзеці па-сапраўднаму бяруцца за якую-небудзь справу, дык абавязкова даводзяць да канца. Працуюць шчыра. У пошук і збор металалому ўключыліся ўсе вучні рэспублікі. Яны пабывалі на падшэфных прадпрыемствах і будоўлях, зайшлі амаль ва ўсе двары. За месяц сабралі звыш пяці тысяч тон металалому.
І пачалося ў Жлобіне свята, якога не ведаў горад за ўсе свае пяцьсот гадоў. На цэнтральнай плошчы – музыка, кветкі, транспаранты. У асаблівай пашане сорак хлопчыкаў і дзяўчынак – пасланцы ўсіх абласцей рэспублікі і дэлегацыя школьнікаў са Смаленшчыны. Усе яны вельмі хваляваліся, бо менавіта ім выпаў гонар разам са сталяварамі правесці плаўку металу.
На заводзе хлопчыкі надзелі сталяварскія робы, спецыяльна пашытыя пад іх рост. На галовах – каскі з цёмнымі акулярамі. Побач з імі сталі вопытныя металургі, якія прыехалі працаваць на БМЗ з Магнітагорска, Новакузнецка, Днепрапятроўска, Караганды. Сярод іх – майстры з самога Жлобіна.
Закіпела работа. Жоўты скрапавоз, падобны на сараканожку, прывёз у цэх вялізны коўш сабранага вучнямі металалому. Гэткі ж жоўты кран узняў коўш на вышыню шматпавярховага дома, накіраваў яго да электрапечы.
Разам са сталяварамі кіравалі плаўкай вучні з Гродзеншчыны, з Брэста, з Горак, са Жлобіна, са Смаленшчыны, з Узды…
Аператары ўключылі ток. Паляцелі маланкі-іскры. Плаўка пачалася!
Пытаюцца металургі ў юных сталявараў:
– Што б хацелі зрабіць са сваёй сталі?
– Новы цягнік для метро ў Мінску.
– Аўтобус “Пётр Клімук”.
– Цягнік для дзіцячай чыгункі…
На тэлеэкранах пульта – асляпляльнае полымя. Аналізы паказваюць: сталь гатова! У вялізны коўш з шыпеннем ільецца кіпучая сталь. Вось метал! Усе віншуюць юных сталявараў.
Такое свята ў Жлобіне стала традыцыйным. Будзем верыць, што ўдзельнікі гэтых плавак прыйдуць на Беларускі металургічны завод, каб стаць славутымі сталяварамі.
Дамашнія заданні
1. Жлобін – буйная чыгуначная станцыя. У якія гарады Беларусі, Украіны, Расіі можна заехаць са Жлобіна?
2. Якую знакамітую прадукцыю жлобінскіх майстроў вы ведаеце?
Уладзімір Ліпскі