Адкуль кашаль
Среда, 19.07.2017 07:28. Рубрика: БУСЯ, Калонка галоўнага рэдактара
Цікавая кніга “Аліса ў краіне цудаў”. Аленка ўважліва слухала, слухала і раптам шморгнула ў залу, ухапіла там цукерку.
Бацька чытае. Наташка, госця наша, захоплена слухае. Аленка ласуецца цукеркай. Закашлялася.
– Вой, Наташка, пастукай мне па спіне.
Сяброўка ратуе Аленку ад кашлю, а бацька кажа:
– Не, так не пройдзе.
– А як? – дзівіцца Аленка.
– А вось як. Схадзі прынясі такія ж цукеркі Наташцы і мне. Калі ўсе разам будзем есці, кашаль адступіцца.
Паслухалася. Прынесла па цукерцы. Адклалі ўбок “Алісу”.
Сядзяць і хваляць смачную “Чырвоную Шапачку”. Радуюцца, што ні ў кога няма кашлю.
Уладзімір ЛІПСКІ