Як перамагчы злоснага Пацука?
Крышку пра кніжку
У выдавецкім доме “Звязда” выйшла новая кніга для дзяцей Раісы Баравіковай “Пра кашэчага караля Варгіна і мышку Паднорку”. Выданне цудоўна праілюстравана Марыяй Міцкевіч. Жанрава пісьменніца абазначыла свой твор як “казкі з міфалагічнага люстэрка”. І сапраўды, гэтая гісторыя літаральна напоўнена персанажамі з народных казак, легендаў, паданняў. Акрамя галоўнага героя, ката Варгіна, тут дзейнічаюць Дамавік, Дамавуха, Русалка, Вадзянік, Цмок.
Злосны Пацук трымае ў палоне караля Паднора. Цудам вырвалася з пацучыных кіпцюроў прынцэса-мышка Паднорка. Яна просіць аб дапамозе ката Варгіна.
Знайшла да каго звяртацца! Варгін жа прывык толькі шкодзіць, жыць дзеля сябе, уваходзіць у давер да наіўных людзей, аб’ядаць іх, сварыць, а пасля знікаць у пошуках новых прыгод.
Ці пагодзіцца хітры кот выратаваць караля? Ці не спалохаецца злоснага Пацука?
Пра ўсё гэта ты даведаешся, калі набудзеш гэту кнігу. Прыемнага чытання!
Вася ВЯСЁЛКІН