Кулі-гулі
Вы не бачылі, не чулі,
як мы з братам разгарнулі
ў нашай хаце кулі-гулі?..
Мы ўсё-ўсё перакулілі,
уваход загарадзілі,
каб ніхто ўвайсці не мог…
А тут мама на парог:
“Ой, чаго ж вы нарабілі!
Вунь люстэрка мне пабілі,
грабянцы мае згубілі.
Вось як вернецца ваш тата!..”
“Будзе зноў прасторнай хата, –
залагоджваем мы з братам
нашу любую матулю. –
Гэта ж толькі кулі-гулі.
Прыбярэм усё з бабуляй”.
Ды бабуля хітра кажа:
“А давайце спаць паляжам!
Нават зоркі ўжо заснулі.
Хай паспяць і кулі-гулі”.
Як прачнуліся мы з братам –
не пазналі нашай хаты:
на світанку, рана-рана
ўсё прыгожанька прыбрана.
Кулі-гулі нашы дзе?
Хто куды іх мог падзець?
Вохкае бабуля, плача:
“Хатнік тут пабыў – не іначай.
Ён не любіць раскідах.
Пазбіраў сабе пад дах
тое, што не мела месца…”
Нам не спіцца і не есца:
як з тым Хатнікам сустрэцца?..
“Дзе ты, хатнік, тут прыжыўся?
Адгукніся! Пакажыся!” –
клічам, просім разоў сто.
…Не адказвае ніхто.
Не складаецца сустрэча.
Ды з’яўляцца сталі рэчы,
прыпыняцца па кутах.
І не ў безладзь – трах-бабах,
перакулена ўверх дном,
але зноў ладком-радком.
Так нас Хатнік прывучыў
лад-парадак берагчы.
І смяюцца мама з татам:
хто парадкуе нам хату?
Пасміхаецца бабуля:
зніклі недзе кулі-гулі.
І пытаюцца сябры:
“Што там Хатнік натварыў?
Мэблю больш не перакуліш
па ўсёй хаце дагары?”
…Засталіся толькі гулі.
І бяз куляў. У двары.
Антаніна ХАТЭНКА