Мая Беларусь (пряцяг)
Аповесць-споведзь
Мая Белая Русь!
Культ твайго белага,
сонечнага святла і цяпла
зачаты з першай завязі жыцця.
Беларусы любяць белыя ўборы.
З годнасцю носяць прозвішчы –
Белы, Бялевіч, Бельскі, Белановіч…
З надзеяй гадуюць дзяцей
у вёсках Беліца, Белічы, Белякі…
Купаюцца і ловяць рыбу
ў возеры Белым, у рэках –
Белічанка, Белянок, Беларэч…
Ходзяць па журавіны ў Белыя балоты.
Збіраюць белыя грыбы
ў белым-бялюткім бярэзніку.
У нас ёсць дзівосныя ўрочышчы –
Белы Мох, Белы Луг, Белая Лужа…
Жыві і радуйся, Беларус,
кожнаму беламу дню,
усяму беламу свету!
***
Мама –
самае старажытнае беларускае слова.
Мамы – золата Беларусі.
Каб дзеці не хварэлі,
ішлі шукаць бяссмертнік.
Каб дзеці не галадалі,
Збіралі чарніцы, грыбы, арэхі.
Каб дзеці раслі неляніўцамі,
выхоўвалі іх мазалямі.
Калі падступаў да хаты вораг,
затулялі іх ад куль.
Калі дзеці траплялі ў бяду,
аддавалі ім сваё сэрца,
бяссонне, пяшчоту.
Вялікія Мамы Беларусі:
Зіна Тусналобава-Марчанка –
гераіня вайны, без рук і без ног
вырасціла сына і дачку.
Багуміла Луцэвіч –
нарадзіла Янку Купалу.
Настасся Купрыянава –
пяцёра яе сыноў
мужна загінулі за Айчыну…
Мамы Беларусі выхоўвалі дзяцей
па правілах продкаў:
Я даю табе,
каб ты даў свайму наступніку;
будзеш цярплівы,
то станеш шчаслівы;
адганяй ад сябе трох ворагаў –
баязлівасць, зайздрасць, пагарду…
Так во і ўступілі мы ў ХХІ век.
Маліся за Маму, чалавек!
***
Мая Беларусь!
У тваю красу, у твае скарбы
ўзіраюцца розныя вочы:
добрыя і злосныя,
праніклівыя і патухлыя,
іскрыстыя і насмешлівыя,
таямнічныя і загадкавыя,
сонечныя і вінаватыя,
душэўныя і пакутлівыя,
радасныя і сумныя…
Позіркам, ясным ці з прыжмурам,
можна адкрыць акно ў сэрца,
а незнарок і зашторыць яго.
Хачу, жадаю, малю,
каб маю Беларусь
лашчылі вочы закаханыя,
улюбёныя, нястомна бадзёрыя.
Тады ўбачаць яны прыгоствы,
ад якіх заспявае душа.
Людзі з такімі вачыма адчуюць хараство
тутэйшых беларусаў.
І захочацца ім прызнаць
іх веліч і жывучасць.
І да споду душы дойдзе да іх
неўміручы покліч
нашага генія Максіма Багдановіча:
“Беларусь, твой народ дачакаецца
Залацістага, яснага дня…”
***
Дарогі маёй Беларусі!
Імі, асфальткамі, гравійкамі, пясчанкамі,
можна падперазаць Зямны шар.
Яны стаптаны лапцямі і ботамі,
конскімі капытамі і коламі.
Іх мясілі варожыя танкі і гарматы.
Нашы дарогі пралягаюць
па крыві, костках, слязах тых,
хто жыў тут вечна,
хто паміраў за свой край,
хто любіў да слёз родную зямлю.
Цяпер мы ахвотна вандруем
па дарогах мілай Беларусі,
па-новаму адкрываем для сябе
памаладзелыя гарады і вёскі,
адпачываем у прыдарожных кафэ,
мілуемся прыгоствамі краявідаў.
Над нашымі зямнымі дарогамі
крыляюць нябесныя лайнеры.
Над палеткамі віруюць жаўрукі.
Багацці сенажацяў аглядаюць буслы…
Вёрсты дарог маёй Беларусі
сёння вымяраюць
шыкоўныя аўто
з усіх краін свету.
Эх, дарогі, дарогі,
будзьце ж шчаслівымі і бяспечнымі
для гаспадароў і гасцей.
Хай жа на вашых магістралях
Заўжды гарыць зялёны светлафор.
Хай жа гучаць у машынах
бадзёрыя, душэўныя мелодыі.
***
Маладзічок над маёй Беларуссю
Спадзеўна ўзіраецца ў нашу яву.
І што ён бачыць?
Падчупораныя, як на Вялікдзень,
гарады векавыя і новыя.
Старыя сялянскія падворкі
перадаюць візу ў жыццё
вясёлкавым аграгарадкам,
якія летнімі каласавічкамі
ўпрыгожылі маладую Беларусь.
Нябесны маладзічок бачыць
адноўлены замак Радзівілаў,
неўміручую Брэсцкую крэпасць,
векапомнае Буйніцкае поле,
вялікіх Беларусаў у бронзе…
Цешыцца маладзічок
і з сваёй троннай вышыні
пачынае спяваць калыханку
яснавокім беларусам:
“Спіце спакойна і соладка,
вяльможныя нашчадкі,
налівайцеся сілай волатаўскай,
назапашвайце мускулаў
духоўных ды фізічных,
бо і вам, даражэнькія,
хопіць клопатаў на ваш век.
Люлі-люлі,
беражыце матулю,
вашу слаўную ў свеце
яснавокую Беларусь”.
Уладзімір ЛІПСКІ