Першая кніга ад Бусі
Буся спяшаецца падзяліцца сваёй радасцю: у выдавецтве “Харвест” выйшла кніга “Бусева школка. Казкі”. Напісалі яе вядомыя пісьменнікі, лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзімір Ліпскі і Раіса Баравікова. Аўтары стварылі сапраўдны казачны буквар, які дапаможа маленькім чытачам засвоіць беларускую азбуку, запомніць лічбы, навучыцца чытаць і лічыць да дзесяці. Кніга складаецца з дзвюх казак – “Чароўныя літары” і “Загадкавыя лічбы”. Вясёлыя героі – Буся, Антонік, Весялінка і іх верныя сябры – правядуць чытачоў па дзівоснай краіне, якую насяляюць незвычайныя жыхары – літары і лічбы. Яны гуляюць, гарэзнічаюць, спрачаюцца і забаўляюцца, а таму з імі не засумуе ніхто!
Выданне цікавае, карыснае і для выхавальнікаў дзіцячых садкоў, і для настаўнікаў пачатковых класаў, і для бацькоў дашкольнікаў і першакласнікаў. “Бусева школка” можа стаць першай любімай і самастойна прачытанай кнігай для тысяч маленькіх беларусаў.
Над мастацкім аздабленнем выдання шчыравалі мастакі Уладзімір Жук, Віталь Дударэнка, Валянціна Чэпік, Валянцін Макаранка, Дзіяна Прышчэпава, Аляксандра Дзежыц, Дзіяна Шыдлоўская і Юлія Панкова. Дзякуючы ім кніга стала вельмі прыгожай.
Шукайце ўнікальнае выданне на паліцах кнігарняў! Набывайце “Бусеву школку”!
Вася ВЯСЁЛКІН